Ціхі беларускі нонканфармізм… Гэтае азначэньне прыйшло падчас працы над
дакумэнтальным фільмам пра Міколу Равенскага. Уявілася, як ён у 1941-м стаяў са скрыпічным
футаралам пад пахаю ў калідоры гарадзкое ўправы, куды прыйшоў наймацца за скрыпача ў
арганізаваны аркестар Опэрнага тэатру. Прыйшоў, каб знайсьці працу, каб выжыць у цяжкую
гадзіну. Колькі навалаў перажыў ён, як і ўсе беларусы, але ня збочыў, застаўся сапраўдным
сынам сваёй зямлі.

Нарадзіўся Мікола Равенскі 17 сьнежня 1886 г. у вёсцы Капланцы Ігуменскага павету Менскай
губэрні (цяпер Бярэзінскі раён). У 1913—15 г. ён вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і
Пецярбургу. Пасьля працаваў рэгентам і настаўнікам сьпеваў у Наваградку, зьбіраў народныя
песьні. У Менск Равенскі трапіў у 1919 г. Кіраваў хорам пры Беларускім рабочым клюбе,
працаваў хормайстрам БДТ, цяперашняга Купалаўскага. У 1921 г. браў удзел у фальклёрнай
экспэдыцыі па Случчыне, зладжанай Інбелкультам. Менскае каапэрацыйна-выдавецкае
таварыства “Адраджэньне” ў 1922 г. выпускае “Зборнік песень з нотамі” Міколы Равенскага.
Цікавая гісторыя з гэтым сьпеўнікам. Яго не адшукаеш сёньня ў Нацыянальнай бібліятэцы —
скралі зацікаўленыя людзі, калегі. Можа, так гэта, можа, не. Ня буду сьцьвярджаць
безапэляцыйна. Адно ведаю дакладна: пад нумарам 25 у гэтым сьпеўніку значыцца песьня на
словы Канстанцыі Буйло “Люблю наш край, старонку гэту”, якую цягам дзесяцігодзьдзяў нам
прадстаўлялі як народную.

Выпраўляючы Равенскага ў 1923-м на вучобу ў Маскву, урад БССР падараваў яму ўнікальную
скрыпку. Зь ёй кампазытар не расставаўся трыццаць гадоў, да самай сьмерці. Яскрава
ўяўляецца, як у суладзьдзі зь сяброўкай-скрыпкай нараджалася мэлёдыя неўміручага гімну
“Магутны Божа”. Было тое вясной-летам 47-га ў далёкім Астэргофэне, беларускім лягеры для
перамешчаных асобаў. Равенскі жыў у адной кватэры з бацькамі Зоры Кіпель. У Астэргофэне
духоўны гімн і прагучаў упершыню…

У Маскве Равенскі жыў на Малой Мікіцкай вуліцы ў будынку прадстаўніцтва БССР. Тамсама жыў і
Ўладзімер Дубоўка. Кампазытар быў старэйшы за паэта на 14 гадоў, але якраз маладзейшы
паўплываў на творчасьць старэйшага. Равенскі напісаў песьні на вершы Дубоўкі “О Беларусь,
мая шыпшына”, “Такая ноч”, “Ліпнёвы гімн”, які пасьля арышту Дубоўкі ў 30-м быў забаронены.
Тады ж канфіксаваная была і першая беларуская гістарычная опэра “Браніслава” — таксама
плён супрацоўніцтва з Дубоўкам. Мікола Равенскі першым паклаў на музыку вершы Максіма
Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”, “Завіруха”, “Не кувай ты, шэрая зязюля”. У час вайны напісаў
музыку для “Пагоні”. З даваеннага плёну яшчэ шматлікія апрацоўкі народных песьняў,
гістарычная сюіта па матывах аднайменнага верша Буйло “Курган”, першая беларуская апэрэта
“Залёты” на словы Дуніна-Марцінкевіча, песьня на словы Цішкі Гартнага “Ах ты, Нёман-рака”.
Яна таксама лічылася народнаю, гучала на радыё, яе здаўна выконваў мікалаеўскі ансамбль
“Коласаўскія землякі”.

У 1930 г., пасьля Маскоўскай кансэрваторыі, Равенскі вяртаецца ў Менск, выкладае ў музычным
тэхнікуме, а пазьней ў навастворанай Беларускай касэрваторыі. Але ўжо прыклеены да яго
ярлык — нацдэм. Найперш за сяброўства і творчае супрацоўніцтва з Уладзімерам Дубоўкам. У
1938 г. арыштаваны і расстраляны ў Курапатах ягоны старэйшы брат Антон, які настаўнічаў у
Карзюках недалёка ад Менску. Падчас вучобы Мікола летнія вакацыі праводзіў у брата, дый
потым бываў неаднойчы. Загінуў у Курапатах і стрыечны брат Аляксандар. Самога Міколу
Равенскага ў 1938 г. выключаюць з Саюзу кампазытараў, знаёмыя пачалі адварочвацца. Творца
вымушана адышоў у цень, пра якія песьні гаварыць. Але ня каяўся перад рэжымам, не
прыслужваў, як ягоны калега Мікола Шчыглоў, чыя “Кантата аб Сталіне” гучала ў Менску, Кіеве,
Адэсе, Харкаве, Тбілісі. У час акупацыі Шчыглоў здаў свой ордэн Пашаны ў гарадзкую управу,
нават прозьвішча зьмяніў, узяў матчына — Куліковіч. Потым таксама апынуўся ў эміграцыі, шмат
зрабіў для беларускай музыкі.

Мікола Равенскі ж ціха і зацята трымаўся свайго. Як да вайны, так і ў вайну. Тады ў гарадзкой
управе Антон Адамовіч запытаўся ў яго пра лёс “Браніславы”. “Дзе там! Нат каб і дахавалася,
дык спапялела б цяпер, у гэтай пажэжы й бамбежы, у якой і нядаўна жонка маладая завілася,
як дым, і не знайсьці во ніяк…” “А за пару тыдняў, — піша далей Антон Адамовіч, — прыйшоў і
адвітвацца — запрасілі на рэгента ў царкву ў калішні Ігумань, нядаўны Чэрвень”.

Першая жонка Равенскага памерла ад родавай гарачкі, пакінуўшы дачку Лёлю (Лену). У час
вайны дачка была ўжо дарослаю, стала падпольшчыцай (мянушка “Сініца”). Жыла з Ісаем
Казінцом, сябравала зь Людмілай Кашачкінай. Усе трое трапілі ў гестапа, выжыла толькі
Кашачкіна. Лёлю расстралялі ў двары Менскай турмы.

Перад вайною кампазытар ажаніўся другі раз — з маладой сьпявачкай Янінай, ягонай
вучаніцай. Ад яе нарадзіліся дзьве дачкі, адна, Люда, памерла малой. Яніна Станіславаўна з
Вольгай пад акупацыяй жылі гаротна, Равенскі ня змог іх адшукаць, дапамагчы, забраць да
сябе ў Ігумен. Кар’ера сьпявачкі ў Яніны Станіславаўны ня склалася: жыцьцё пад акупацыяй,
муж-эмігрант, вораг народу. Зь цяжкасьцю выцерабілася на бацькаву сьцяжыну Вольга
Равенская (Аляксеенка). Скончыла кансэрваторыю, сьпявала ў хоры Віктара Роўды. Калі
ансамбль стаў выконваць “Магутны Божа”, спачатку ня ведала, што ўрачыстую духоўную песьню
напісаў яе бацька.

У 1944 г. “калябарант” Равенскі мусіў зьехаць на чужыну. Пасьля былі лягеры для
перамешчаных асобаў Рэгенсбург, Астэргофэн, Розэнгайм. Усюды ён ствараў ансамблі, кіраваў
сьвецкім і царкоўным харамі, нястомна падтрымліваў агмень беларушчыны. У 1950 г.
Равенскага запрашаюць у бэльгійскі Лювэн, дзе вучыліся ва ўнівэрсытэце 30 маладых
беларусаў. Там ён стварае Беларускі студэнцкі хор, які стаўся адзіным адхланьнем немаладога і
ўжо безнадзейна хворага майстра. Папулярнасьць хору выйшла далёка за межы Бэльгіі,
беларускую песьню слухалі ў Парыжы, Лёндане ды іншых кутках Эўропы. 10 студзеня 1952 г.
Равенскі пісаў у Англію да пляменьніцы Тацяны (Тэрэзы) Руткоўскай, дачкі стрыечнага брата
Аляксандра: “…У сучасны момант рыхтуемся да напяяньня грамафонных плітак. Маем шэсьць
пліткаў, на якіх будзе зьмешчана 12 песьняў. Больш пакуль ня зможам напець, бо вельмі
дорага каштуе. Дагаворы з фабрыкай яшчэ не закончаны, за гэтыя пліткі яна патрабуе
дзевяцьсот тысячаў, але думаю, пойдзе на ўступкі. А з 20-га бярэм удзел у шэрагу царкоўных
службаў у Брусэлі, дзе адбываецца кожны год так званы “тыдзень супольнай малітвы” па розных
касьцелях, за пакутны хрысціянскі Народ за зялезнай завесай”.

Людзі, якія ведалі Равенскага, адзначалі ягоную шчырасьць, лагоднасьць, сардэчнасьць,
гасьціннасьць, гатоўнасьць кожнаму дапамагчы. У.Немановіч (Уладзімер Цьвірка) згадвае:
“Бывала, пастукаеш да яго: — Гм, — адказваў глыбачэзны бас з-за дзьвярэй. З-за стала,
закіданага нотнай паперай, на вас глядзелі ветлыя шэрыя вочы. — А пропуск ёсьць? — пытаўся
ён паважна. Пропускам зваў ён жартаўліва віно, што было звычайна люксусам не па студэнцкай
кішэні. Гэта ён ведаў, але хоць на жарт ад “традыцыйнае” формы прывітаньня не адступаў”.

Памёр Мікола Равенскі 3 сакавіка 1953 г., пахаваны ў Лювэне. У ягоным пакоі на стале ляжаў
лісток календара, дзе побач з запісанымі тэмамі да песьняў была зробленая рукою
кампазытара рысункавая кампазыцыя: па-мастацку накрэсьленыя альфа і амэга, а пасярод —
слова “Беларусь”. Помнік на магіле зрабіў скульптар Міхась Навумовіч, беларус-эмігрант, які
жыў у Парыжы. Спадчыну падзялілі паміж беларускай грамадой і пляменьніцай кампазытара
Тацянай Руткоўскай. Цяжка сёньня сабраць усё ў адно. “Завілася, як дым”, і знакамітая
скрыпка, нехта прыбраў да рук. Адшукаць бы яе, вярнуць у Беларусь, каб стала нацыянальным
набыткам.

З канца 80-х, калі мы ўсе жылі ўзьнёслымі спадзяваньнямі на новую Беларусь, у выкананьні
розных калектываў загучаў “Магутны Божа”, неаспрэчны духоўны гімн беларусаў. Нават калі б
Мікола Равенскі больш нічога і не напісаў, ён бы адной гэтай урачыстай песьняй застаўся ва
ўдзячнай памяці нашчадкаў, застаўся назаўсёды з намі. У 1993 г. на студыі “Летапіс” кінастудыі
“Беларусьфільм” створана дакумэнтальная стужка “Ўспамін пра Міколу Равенскага”, аўтарам
сцэнару якой выпаў гонар мне быць. Гэты фільм у ліку трох рэжысэра Міхаіла Жданоўскага (яшчэ
“Дарога на Курапаты” і “Жаўрукі Беларусі”) адзначаны годам пазьней Дзяржаўнай прэміяй
Беларусі. І вось да 115-й гадавіны з дня нараджэньня Беларуская Музычная Альтэрнатыва
выдала кампакт-дыск “Магутны Божа” з найлепшымі творамі Міколы Равенскага. Стане ён
рарытэтам у маёй хатняй фанатэцы, як і ў многіх беларускіх сем’ях.


                                                                         
Ўладзімер Мароз
М. Равенскі. Здымак -
Радыё Рацыя
"Магутны Божа"
Магутны Божа! Уладар
сусьветаў,

Вялікіх сонцаў і сэрц
малых,

Над Беларусяй, ціхай і
ветлай,

Рассып праменьні свае
хвалы.

Дай спор у працы,
штодзённай, шэрай.

На лусту хлеба, на родны
край.

Павагу, сілу і веліч веры

У нашу праўду, у
прышласьць дай.

Дай урадлівасьць
жытнёвым нівам,

Учынкам нашым пашлі
ўмалот.

Зрабі свабоднай, зрабі
шчасьлівай

Краіну нашу і наш народ!


Мікола Равенскі (1886-1953)