![]() |
|||
1467 г. - упершыню узгаданы Дзьмітры Іванавіч Пуцяціч (з роду князеў Друцкіх). Адзін з самых знакамітых Друцкіх. Ён быў намеснікам Мцэнскага павета на ўсходніх ускрайках ВКЛ, у 1487 – 88 гг. прыгадваецца як бранскі намеснік, а ў 1492 г. стаў кіеўскім ваяводам, якім і заставаўся да сваёй смерці ў 1505 г. Апрача родавых вотчын (Старасельля, Радчы, Зарэмцаў (Жарамец) і інш.), у 1499 г. ён атрымаў ад вялікага князя маёнтак Крошын у Новагародскім павеце і Палажаны (Паложына) ў Любашанскай воласці. 1506 г. - па сьмерці Дзьмітрыя Пуцяціча в. Зярэмцы, в. Лагі, в. Белічаны часткова былі падараваныя праваслаўнай царкве і належалі праваслаўнай царкве, а пасьля вуніі ў 1596 г. - вуніяцкім мітрапалітам. Астатняя частка даннікаў у Белічанах перайшла да родзічаў Пуцяціча князёў Друцкіх-Горскіх, а частка Жарэмцаў і Лагоў - да князя Сямёна Ямантовіча- Падбярэзскага, пасля смерці якога ў 1540-я гады дасталася дзецям яго сястры баярам Яцкавічам (з гэтага часу яны ўжывалі прозвішча Падбярэзскіх. 1541 – 42 гг. - в. Зярэмцы і в. Лагі былі ва уладаньні князёў літоўскага паходжання Ямантавічаў- Падбярэзкіх, што перайшлі да іх пасля згасаньня галіны князёў Друцкіх. 1567 г. - перапіс войска ВКЛ, складзены ў 1567 г., падчас Інфлянцкай вайны: Грыгорый Падбярэзкі выстаўляў з Падбярэззя і Зарэмцаў 8 коннікаў. 1594 г. - Копны суд зафіксаваў той стан моцнай цераспалосіцы, які ўтварыўся ў азначаных уладаньнях. На капе тады прысутнічалі белічанскі старац мітрапаліта Міхаіла Рагозы, таксама белічанскі старац князя Фёдара Друцкага-Горскага. Трэці старац з Белічан прадстаўляў уладанні Кірылы Зубоўскага. Разам з імі прысутнічалі лагоўскі старац Марціна Стравінскага (віцебскі кашталян), лагоўскі і жарэмецкі старац паноў Падбярэзскіх, а таксама старац сяла Чарневічы, што на самой Бярэзіне. 1597 г. - Карыстаючыся бязладдзем у праваслаўнай царкве пасьля Царкоўнай Вуніі 1597 г., суўладальнікі прыхапілі і тую частку азначаных сёл, якая разам з урочышчам Божы Дар была некалі завешчана на памін душы князя Пуцяціча ў 1505 г. 1624 г. - новы вуніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі, да якога перайшлі былыя ўладаньні праваслаўнай царквы, агледзіў прапажу і распачаў судовы працэс за вяртаньне яму часткі Белічан і Жарэмцаў. Справа цягнулася доўга, і толькі ў 1627 мітрапаліт атрымаў судовае рашэньне на сваю карысць. Але і пасля таго суўладальнікі працягвалі аспрэчваць гэты прысуд. Так, Ян і Альбін Падбярэзскія ў 1628 г. прадставілі дакумент, паводле якога яшчэ ў 1539 г. мітрапаліт Макарый нібыта прамяняў сваіх падданых у Жарэмцах іх продку - князю Сямёну Ямантовічу-Падбярэзскаму. Суд, аднак, адхіліў гэты дакумент як падложны. 1624 г. - гэтыя сёлы (Жарамец, Лагі, Белічаны) належалі сумесна Яну, Васілю і Альбіну Падбярэзскім, удаве Мікалая Рэя Ядвізе Варапаевай і пану Аляксандру Даджбогу Сапегу, які атрымаў іх у спадчыну пасля дзеда па маці - віцебскага кашталяна М.Стравінскага. 1636 г. - судовае рашэньне дзевяцігадовай даўніны было, нарэшче, выканана і ўніяцкі мітрапаліт быў уведзены ва ўладанне часткай Жарэмцаў і Белічан. 1651 г. - паводле дакумента сярод мітрапаліцкіх уладаньняў прыгадваюцца 6 дымоў у сяле Белічаны, 7 дымоў у Жарэмцах, а таксама 14 дымоў у Чарневічах. |
|||
