Гэтай старонкай распачнецца новая старонка гісторыі татараў у Беразіно. Незаслужана
забытыя, амаль выкрэсьленыя з гісторыі Бярэзінскага раёну - яны ўсё ж тут былі. Былі праз
доўгія 5-6 вякоў і было іх тутака шмат. Я перакананы, што цяпер пытаючыся бярэзінцаў, што яны
ведаюць аб татарах на Беларусі ці ў Бярэзані - ня кожны нават будзе ведаць, што татары тут
жылі калісьці. Ну, як гаворыцца, чытайця кніжкі - вучыцеся, сыстэма зьнішчыла людскія душы і
памяць...
  Дык вось,  татары мелі свае дамы на горцы - да нашае пары людзі называюць тое месца
Татарскай горкай (на поўнач ад рогу вуліцы Менскай з Кастрычніцкай, каля стадыёну школы №
2) і мелі свае могілкі -
мізар (дакладна на тым месцы цяпер гаражы леспрамгасу ). Да
цяперашняга часу захаваліся тры сасны каля ўезду ў гаражы - гэта была мяжа мізару
. На
надмагільных помніках, вычасаных з вялікіх камянёў, яны выбівалі арабскімі літарамі надпіс:
«Няма Бога, акрамя Аллага, і Мухаммед - яго Прарок», паўмесяц і зорачку (сімвалы ісламу), а
таксама імя маці нябожчыка альбо нябожчыцы. Іх імёны і прозьвішчы выбіваліся арабскімі
літарамі, а пазней - кірыліцай або лацінкай.
  У 1397 г., паводле дамовы вялікага князя літоўскага
Вітаўта і звергнутага з трона хана Залатой
Арды Тахтамыша, некалькі тысяч татараў накіраваліся з сем'ямі з Прычарнамор'я і Крымскай
паўвыспы ў ВКЛ. Яны пабудавалі сабе хаты, храмы (мячэці), школы пры мячэцях (мектэбе). У
асвячонай зямлі на могілках (мізарах) хавалі нябожчыкаў.
Кавалак татарскіх могілак
(мізар).
Татарская горка
  Усе татарскія роды на Беларусі былі запісаныя ў дваранскія кнігі шляхецкімі (і трэба
сказаць справу сваю яны рабілі прыстойна, як на вайну ісьці, дык ішлі адразу, два разы не
пыталіся). Беларускія татары верна служылі дзяржаве, у якой яны жылі. Разам з беларусамі,
летувісамі, палякамі,  татары ўнеслі вялікі ўклад у перамогу над крыжакамі ў бітве пад
Грунвальдам (1410 г.), актыўна ўдзельнічалі ў лічных войнах і вызваленчым руху.  Становячыся ў
шэрагі абаронцаў Радзімы, татары давалі прысягу на сваёй святой мусульманскай кнізе -
Кур'ане.
 Для захаваньня рэлігіі яны вымушаны былі перакласьці Кур'ан і іншыя кнігі ісламу на
беларускую мову (нярэдка з вялікім дамешкам польскіх слоў на Захадзе Беларусі), пакінуўшы
пры гэтым арабскі алфавіт з дапаўненьнем асобных літар, якіх не ўжывалі арабы -
Кітабы.
Зьмест Кітабаў - апісаньне мусульманскіх рытуалаў, падзей, зьвязаных з жыцьцём прарока
Мухаммеда, маральна-этычныя павучаньні для моладзі пра шанаваньне бацькоў, госьця, сірот,
старых і вучоных, суседзяў, варажба па літарах Кур'ана, разгадка сноў, усходнія легенды, казкі,
прыгодніцкія аповесці.
 Акрамя Кітабаў існуюць
Тэфсіры (Кур'ан з парадкавым каментаром па-беларуску ці па-
польску),
Тэджвіды (правілы чытання Кур'ана), Хамаілы (мадлітоўнікі).          
 У XVI-XVII стст. большая частка татараў ня ведала сваёй мовы. Паводле «Аповяда пра польскіх
татараў» (па-арабску гучыць: «Рысале-і-татар-і Лех»; гэта памятная запіска 1557-1558 гг.
невядомага татарына турэцкаму султану Сулейману Пышліваму пра татараў-перасяленцаў у
Беларусі і Польшчы), родную мову ў гэты час ведалі толькі тыя татары, якія перасяліліся значна
пазьней. Тым, хто не разумеў па-татарску, прапаноўвалася: «Калі хто па-татарску не ўмее, то па-
руску няхай абракаецца (гаворыць)». Гэта акалічнасць прымусіла тутэйшых татараў перакласці
мусульманскую літаратуру на беларускую мову, захаваўшы знешняе афармленьне бяз зьмен.  
 Вывучэньне Кітабаў пачалося ў XIX ст. Першаадкрывальнікам іх для навукі лічыцца прафесар
Пецярбургскага ўніверсітэта ўсходазнавец
Антон Мухлінскі (Антон Мухлинский), які ў працы
«Даследаванне пра паходжанне і стан літоўскіх татар» (СПб., 1857) надрукаваў урыўкі з Кітабаў і
адзначыў, што «можна было б стварыць з такіх кніг маленькую бібліятэчку». Пасля смерці
вучонага ў 1877 г. вывучэнне тэкстаў спынілася. Пра іх узгадалі толькі на пачатку XX ст. і пазьней
Іван Луцкевіч, Яўхім Карскі, Ігнацы Крачкоўскі, Ян Станкевіч, Акінэр Шырын, Г. Александровіч -
Мішкінене і інш.  
  Грунтоўна дасьледаваў тэксты Кітабаў
Антон Антановіч (Антон Антонович). У «Беларускія
тэксты, напісаныя арабскім пісьмом...» (Вільня, 1968 г.) ён разгледзіў 24 арыгінальныя тэксты
Кітабаў XVI-XIX стст.  Кітабы напісаны і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў
заходніх кнігах заканчваецца. Колькасць старонак неаднолькавая ў кожным Кітабе - ад 70-300
(паўкітаб) да 1000. Радок суцэльны, няма падзелу на словы, няма вялікай літары і знакаў
прыпынку. Перанос слоў падпарадкоўваецца аднаму правілу: кожны наступны радок павінен
быць роўны з папярэднім. Новы твор (раздзел) пачынаецца словам «баб» (раздзел, пачатак
новага зместу) ці «хікыйет» (аповесць, апавяданне). Іншы раз гэтых слоў няма. Тады на полі
выпісваюцца першапачатковыя словы (першы сказ), якія таксама паказваюць на пачатак
новага зместу.  
  Мова Кітабаў адрозніваецца ад мовы старадаўніх беларускіх пісьмовых помнікаў, але яна
блізкая да беларускай народнай мовы. У тэкстах адлюстравалася беларуская лексіка (спрэчка,
заранак, прысмакі, згода, гадаваць), фразеалогія (як вокам міргнуць, як слова сказаць, на
сьвет пусціць, на ногаць, шлюб браць), беларускі сынтаксыс (пайшоў па прароцкую душу,
дзякаваць таварышу) і г.д.
З дапамогай арабскай графікі, прыстасаванай да беларускай
фанэтыкі, больш дакладна, у параўнанні з пісьмовымі помнікамі, напісанымі кірыліцай,
перадаюцца некаторыя гукавыя асаблівасці беларускай мовы, у першую чаргу дзэканьне і
цэканьне
. У Кітабах выкарыстоўваюцца ўсходнія словы, што маюць азначаюць разнастайныя
мусульманскія рытуалы: селям(салям) - мусульманскае прывітаньне ў фразеалагізме - даць
селям; васійят (весійят) - духоўны запавет; джаназе - малітва на могілках і інш. Пераважная
большасць такіх слоў, якія ўключаны ў тэкст, падпарадкоўваецца граматычнаму ладу
беларускай мовы (назоўнікі скланяюцца, дзеясловы спрагаюцца). Нямала ўсходніх слоў пад
уплывам беларускай мовы атрымліваюць іншыя формы. Вывучэнне Кітабаў дае каштоўны
матэрыял для гісторыкаў, філолагаў, этнографаў, фалькларыстаў,ісламістаў, цюрколагаў,
арабістаў. Кітабы зьберагаюцца ў бібліятэках, знаходзяцца ў карыстаньні вернікаў. Кожны Кітаб
мае вялікую цікавасць для навукі. Сёньня татарскае насельніцтва нашай краіны ў пераважнай
большасці размаўляе на беларускай мове.
  Дакладна не вядома, колькі татарскіх сем'яў жыло на Бярэзіншчыне - цалкам можна
меркаваць, што дзесьці каля 20-30 сем'яў у шчытавую пару.

                                                                                                         Слава Насевіч
                                                                                                
http://vn.belinter.net/kraeved/12.html

   Бабулькі распавядаюць, што перад вайной 1941-45 гг. у Беразіно яшчэ было 1-2 татарскія
сям'і
. Хіба дзе з'ехалі, альбо фашысты ці НКВДэшнікі што зрабілі, невядома...Дарэчы ня ў так
далёкіх Смілавічах ёсць вялікая суполка татараў да нашае пары, цяпер там будуецца мячэт.
   У беларускіх татараў захаваліся адметныя антрапалагічныя рысы, свая рэлігія, шматлікія
традыцыі і звычаі, што з'яўляюцца характэрнай асаблівасцю гэтага нешматлікага народа. Яны
глыбока вывучаюць гісторыю свайго народа, паважаюць нацыянальныя сімбалі, пад якімі
разам з беларускім і іншымі народамі змагаліся супраць чужаземных захопнікаў, жывуць у міры
і згодзе з усімі людзьмі. І гэта вельмі важна ва ўмовах нацыянальнага нігілізму пэўнай часткі
беларускага грамадства да сваёй нацыянальнай спадчыны.

   Прозьвішчы татар зь Беразіно:
Александровіч, Хасіневіч, Біцютка, Багдановіч, Ільясевіч,
Канавацкі, Палтаржыцкі, Раецкі, Сафарэвіч, Якубоньскі

                                                          

                                                                  

                                                                 
Воўка, выкарыстаны матэрыял Ібрагіма Канапацкага
                                                                           «Беларускі гістарычны часопіс», №.2, 1996.
Камяні на могілках
татар
Камяні на могілках
татар
Татары на Бярэзіншчыне (Татары в Березино)