![]() |
|||||||||
![]() |
|||||||||
| Раванічы і Драхча. Падчас перасяленьняў татар у ВКЛ група татар атрымала землі сяла Раванічы, якое папярэдне, відаць, уваходзіла ў склад Барысаўскай воласці. Дакладна невядома калі яны атрымалі гэтыя надзелы. Пазьней гэтыя свае ўладаньні татары паступова прадалі. Так, у 1535 г. нейкі Сейгал Мінбулатавіч прадаў сваіх сялян-даннікаў з сяла Раванічы пану Альбрыхту Гаштольду (Гаштаўту), на той час віленскаму ваяводзе і найбуйнейшаму магнату ў ВКЛ. Магчыма, гэта была не адзіная купля пана Гаштольда ў Раванічах. Нейкім чынам яму дасталася і частка сяла Драхча (верагодна, тое паселішча, якое на пачатку ХХ стагоддзя называлася Драхча-Паненская, а ў 1964 г. было перайменавана ў Кутузаўку). Адзначым, што Гаштольды не былі адзінымі ўладальнікамі гэтага абшару. Частка яго яшчэ нейкі час належала татарам. У прыватнасці, сёлы Раванічы і Драхча ад татар пазней купіў шляхціч Лаўрын Ратомскі, пра што ён згадвае ў сваім завяшчаньні ў 1594 г. Альбрэхт Гаштольд спярша прыпісаў нованабытых сялян-даннікаў да маёнтка Геранёны (у сучаснай Гродзенскай вобласці) - сваёй галоўнай рэзідэнцыі. Пазней ён прыпісаў іх да свайго крыху менш аддаленага маёнтка Радашковічы на Меншчыне. У 1539 г. Альбрэхт Гаштольд памёр, а пасля смерці без нашчадкаў яго адзінага сына Станіслава ў 1542 г. вялізныя яго маёнткі перайшлі да вялікага князя. Праз сем год, у 1549 г. быў створаны інвентар дзяржаўнага маёнтка Радашковічы, да якога па-ранейшаму была прылучана аддаленая «воласць Раваніцкая» на рацэ Уша. Яна складалася з буйнога сяла Раванічы, у якім было 68 двароў, і больш дробнага сяла Драхча (Драгуча) з 8 дварамі. На той момант іх жыхары павінны былі выплочваць штогод мядовую даніну ў памеры 80 каменяў мёду (камень - вагавая адзінка ў 6 бязменаў альбо прыкладна 20 кг). У 1556 г. вялікі князь Жыгімонт пажалаваў Радашковіцкі замак разам з Раваніцкай воласцю, што па-ранейшаму да яго адносілася, у часовае карыстаньне «да трох жыватоў» пану Івану Гарнастаю, яго жонцы і старшаму сыну Івану. Гэта азначала, што пасля смерці пана Гарнастая маёнткам магла карыстацца яго ўдава, а затым - іх сын, пасля чаго ўладаньне павінна было вярнуцца да вялікага князя. Гэта адбылося даволі хутка: у 1558 г. памёр Іван Гарнастай, праз год - яго ўдава Марыя Заслаўская, а старшы сын Гарнастая Іван Іванавіч памёр у 1566 г. У ХVI стагоддзі яны былі ў часовым трыманьні паноў Гарнастаяў, потым - Глябовічаў. У далейшым гэтае ўладаньне засталося дзяржаўнай уласнасьцю - стараствам, якое перадавалася розным асобам у часовае ці пажыццёвае карыстаньне. Паводле падымнага тарыфу 1667 г. маёнтак Раванічы ў памеры 33 дымоў быў ва ўладанні Крыштафа Гарабурды, а ў 1690 г. - Яна і Крыштафа Гарабурдаў. У 1700 г. Раванічы і Драхча былі перададзены князю Мікалаю Францішку Агінскаму (унуку Самуэля), які адначасова быў і старастам радашковіцкім. У 1704 г. ён атрымаў дазвол караля на перадачу Радашковіцкага і Раваніцкага старастваў свайму сыну Антонію, які памёр амаль адначасова з бацькам у 1715 г. Пасля гэтага Раваніцкае стараства (якое пазней пачало называцца Ахельніцкім) дасталася князю Міхалу Масальскаму, пазнейшаму гетману ВКЛ, які быў жанаты з дачкой Мікалая Францішка Агінскага, і заставалася ў яго руках да яго смерці ў 1762 г. Паводле інвентару 1764 г. Ахельніцкае стараства, што папярэдне належала Міхалу Масальскаму, ахоплівала 10 двароў у Драхчы і 6 у Раванічах. У параўнанні з інвентаром Волмы за 1711 г., які ўпамінаўся раней, раваніцкія сяляне мелі значна больш хатняй скаціны. На 6 двароў у Раванічах прыпадала 12 коней і 10 валоў, а на 10 двароў у Драхчы - 21 конь і 18 валоў, прычым толькі адзін двор зусім не меў цяглавай жывёлы. Памер паншчыны ў старастве быў такі ж, як і ў Волме - 2 дні на тыдзень, але не з двара, а са стандартнага надзелу ў чвэрць валокі (каля 5,3 га). Большасць сялян мела якраз такія надзелы, але ў двух выпадках чвэрцьвалокавы надзел быў падзелены паміж двума сем'ямі, кожная з якіх вяла асобную гаспадарку. Відавочна, што і памер паншчыны для іх быў пры гэтым удвая меншым. У іншых выпадках дзве фактычна асобныя сям'і працягвалі карыстацца агульным надзелам, пазбягаючы афіцыйнага падзелу. Так, у адным раваніцкім двары пазначаны гаспадар Васіль Тамашкевіч з 2 сынамі і 2 пасынкамі, а таксама яго зяць Амеллян са сваімі 5 сынамі - разам 11 чалавек толькі мужчынскага полу! Усяго ж на 16 двароў прыпадала 82 мужчыны, што адпавядае сярэдняй населенасці двара прыкладна ў 10 чалавек абодвух палоў. Іншая частка Раваніч (верагодна, тая, што некалі была набыта ў татар панам Ратомскім) па- ранейшаму была прыватным маёнткам, які ў 1789 г. належаў Андрэю Слатвіньскаму. У гэтым годзе адбывалася размежаванне спрэчных зямель паміж Раванічамі і маёнткам Шыпяны, які быў уласнасцю віленскага біскупа. Пры гэтым прыгадваецца возера Сьвятое, да якога сыходзіліся межы трох маёнткаў - біскупскіх Шыпян, Раваніч Слатвінскага і іншай часткі Раваніч - на той час уладання пана Ваньковіча. Ва ўладаннях Слатвінскага ўпамінаецца і сяло Раваніцкая Слабада. У 1790 годдзе Андрэй Слатвіньскі фундаваў у Раванічах касьцёл Сьвятога Антонія, які да нашае пары захаваўся бяз даху - касьцёл гарэў недзе ў 80-я. Таксама ў першай палове XIX веку Слатвіньскія выбудавалі класычны палац, які да нашае пары захаваўся ў досць добрым стане. Трэба нагадаць, што ў парку Слатвіньскіх ёсць да нашае пары адзіныя на Беларусі дрэвы - белы дуб і клён сярабрысты... Матэрыялы падушнага перапісу (т. зв. рэвізіі), праведзенага расійскімі ўладамі ў 1795 г., з удакладненнямі па стану на 1800 г.: Пану Антону Слатвінскаму належалі цалкам сёлы Раванічы (13 дв.) і Драхча (28), абодва з вуніяцкімі цэрквамі ў гонар Успеньня Багародзіцы. Да таго ж маёнтка адносіліся вёскі Слабада (17), Гацец (12) і некалькі маладворных паселішчаў: Хутар (8), Валадута (6), Гродна (6), Бярозаўка і Бышанка (па 2). выкарыстаны матэрыял: Слава Насевіч Тэрыторыя Чэрвеньскага раёна ў перыяд феадалізму Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на. – Мн., 2000. С. 30 – 32, 32 – 47, 53 – 54 |
|||||||||
| Палац Слатвіньскіх у Раванічах. Здымак kp. by |
|||||||||
![]() |
|||||||||
| Надмагільны камень па-за касьцёлам у Раванічах. kp. by |
|||||||||
