Няхай Рыгор, нарадзіўся 05.12.1914 г. у вёсцы Сяліба Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў
сялянскай сям'і. У 1935 г. скончыў Менскі педагагічны тэхнікум, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў
Калодзішчанскай сярэдняй школе пад Менскам. Завочна скончыў літаратурны факультэт Менскага
настаўніцкага інстытута (1939). У 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на
Паўднёвым, 1-м Украінскім франтах. У 1942-1943 гг. выконваў заданні Галоўнага разведупраўлення
Савецкай Арміі ў тыле ворага (Кіеў - Чаркасы - Чарнігаў). Быў начальнікам асобага аддзела
партызанскага злучэння Ю.Збанацкага. Прайшоў ваеннымі дарогамі Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі,
Аўстрыі, Вугоршчыны. Закончыў вайну на Эльбе.
З 1946 г. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». У 1952-1954 гг. - загадчык аддзела крытыкі і
публіцыстыкі часопіса «Полымя», у 1956-1957 гг. - рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Сябра СП
СССР з 1946 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і
медалямі. Памёр 25.07.1991 г.
Друкавацца пачаў у 1935 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў вершаў «Па сонечных
узгорках» (1939), «Мае пакаленне» (1950), «Вялікі мой і ціхі акіян» (1954), «Размова з восенню»
(1961), «Асеннія пракосы» (выбранае, 1973), «Слова сябрам» (1982), зборніка апавяданняў і
аповесцей «Навальнічнае рэха» (1958), «Героі не адступаюць» (1965), «Сарочы лес» (1966), «Алёшка-
атаман» (1967), «Туман над стэпам» (1971), «Шлях на Эльбу» (1976), нарыса «Минская область»
(1968, 2-е дапоўненае і перапрацаванае выданне ў 1974). Для дзяцей напісаў кніжкі «Пра храбрага
хлопчыка» (вершы, 1962), «Як расцвітае кветка» (апавяданні, 1968), «Я з табою, гвардыя» (аповесць,
1983). У 1984 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
На беларускую мову пераклаў «Дзень айца Сойкі» С.Тудора (1952), «Над Чарамошам» М.Стэльмаха
(1955), «Памфлеты» Ю.Мельнічука (1961), асобныя творы А.Твардоўскага, М.Рыльскага, П.Тычыны, А.
Малышкі, Ю.Збанацкага і іншых расейскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Зрабіў літаратурны запіс кніг «Партызанскі край» В.Лівенцава (1950), «Браты па зброі» І.Вятрова
(1962), «Палескія былі» І.Шубітыдзе (1969).


Рыгор Няхай