
1340 - 1360 гг. - У гэты час Літва набывае новыя ўладані на ўсходзе. Адным з іх стала Свіслацкае
княства, уладар якого Сямён, напэўна, адышоў з гэтага свету. Княства было далучана непасрэдна да
велікакняжацкай маёмасці і падзелена паміж Вільнам і Трокамі згодна дагавору, які заключылі
Альгерд з Кейстутам яшчэ пры захопе ўлады: кожны новы набытак дзяліць між сабой пароўну.
Свіслацкае княства ў выніку гэтага падзелу знікла як самастойная адзінка, ператварыўшыся ў
сукупнасць некалькіх валасцей, даход з якіх ішоў непасрэдна ў Вільна і Трокі. Гэтае двайное
падпарадкаванне воласці абапал рэк Свіслач і Бярэзіна (Любашанская, Свіслацкая, Бабруйская)
захоўвалі яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя.
1550 - 1599 гг. - З'яўляюцца першыя звесткі пра усходні ўскраек сучаснага Бярэзінскага раёна, у
парэччы ракі Клява. Гэты лясны і балоцісты край здаўна адносіўся да дзяржаўнай Любашанскай
воласці, якая цягнулася адсюль да правабярэжжа ракі Бярэзіны. У склад азначанай воласці ўваходзіла
першапачаткова і сяло Карытніца.
1500-я гг. - в. Карытніца разам з суседнім сялом Прыборкі (цяпер Старыя Прыборкі) было вылучана
са складу гэтай воласці і пажалавана, відаць, шляхцічу Ераніму Гастомскаму.
1560 г. студзень - Першае непасрэднае ўпамінанне в. Карытніцы, калі адзін з сыноў Ераніма
Гастомскага, Андрэй, аддаў у заставу (заклад) на 1 год шляхцічу Шчаснаму Абрыцкаму:
«данников своих на Руси на имя Корытницу и Приборки, ... которая часть в тых селах на нас
приходит, з данью грошовою и медовою».
НГАБ. Ф. КМФ-18. Спр. 256. Л. 244 - 245.
1567 г. - удава таго ж Андрэя Еранімавіча Гастомскага Барбара Лукашоўна прадала «два именье
своих власные Корытницу и Приборки, на Руси у волости Любошанское лежачих» свайму дзеверу (брату
мужа) Яну Еранімавічу Гастомскаму за суму ў 400 коп грошаў. Жыхары Карытніцы і Прыборак у гэтых
дакументах называюцца даннікамі. Гэта сведчыць, што іх уладальнікі не мелі там уласнага
гаспадарчага двара з «пашняй дворнай», які быў у іншых маёнтках і які апрацоўваўся шляхам прыгону.
Сяляне мусілі выплочваць толькі даніну грашыма і мёдам, якая дастаўлялася ў галоўную сядзібу
Гастомскіх недзе на захадзе Беларусі. Цікава ў сувязі з гэтым, што месцазнаходжанне даннікаў у
абодвух дакументах вызначана «на Русі». Пад «Руссю» ў тыя часы разумелі ў ВКЛ яго ўсходнюю частку, у
той час як заходняя звычайна называлася «Літвой».
1660 г.- Пасьля вызваленьня ад рускіх, маёнтак быў пажалаваны ў якасці лена (гэта значыць - з
правам перадачы ў спадчыну толькі да прамых нашчадкаў па мужчынскай лініі) Яну Казіміру Гінтаўту.
Гэты маёнтак па-ранейшаму ахопліваў два сяла - Карытніцу і Прыборкі.
ДГАЛ. Ф. СА. Спр. 1. Л. 144 - 145 адв.
1703 г. - складзены падымны тарыф Аршанскага павету, які адносіцца да часоў Паўночнай вайны:
Карытніца з Прыборкамі ў памеры 2 дымоў знаходзіліся ва ўладанні ўдавы Аляксандра Макрыцкага,
Альжбеты Зарніцкай.
1775 г. - складзены апошні падымны тарыф, прычым вельмі падрабязны, з пазначэньнем колькасці
двароў у кожным паселішчы: Карытніца, якая належала Чарноўскаму мела 5 дымоў - гаспадарак.
1791 г. - у в. Карытніца нарадзіўся Казімір Чарноўскі, інжынер, адзін з першых пачаў займацца
падводнымі статкамі ў расейскай імперыі.

Карытніца, Корытница, Karytnica