У 1551 г. жыхары на той час яшчэ дзяржаўных сёл Задобрычы і Багушэвічы (апошняе ў дакуменце называецца
«Бальшовічы») сутыкнуліся з уладальнікамі сумежнага сяла Баратычы - баярамі Андрэям, Васілём, Сямёнам і Багданам
Сцецкавічамі (Сцяпанавічамі) Рагозамі. Баратычы знаходзіліся за ракой Бярэзінай, іх зямельныя абшары цягнуліся на
правабярэжжы ў бок Задобрыч. Паны Рагозы прывярнулі да свайго маёнтка значныя «грунты», якія задабрычане і
багушэвічане лічылі сваімі. Апошнія падалі скаргу, і на спрэчныя землі прыехаў гаспадарскі дваранін Грыняшка (Рыгор)
Шалуха. Ён вынес рашэнне на карысць валашчан і правёў размежаваньне, але ўладальнікі Баратыч адмовіліся прызнаць
гэтае рашэньне. Яны нават схапілі слугу пана Шалухі і багушэвіцкага старца, якіх два дні пратрымалі ў затачэнні.
У выніку ў чэрвені 1551 г. адбылася крывавая сутычка, у якой былі забіты адзін з братоў Рагозаў - Андрэй, а таксама трое яго
слуг і сялянін-бортнік з Баратыч, а Багдан Рагоза быў паранены. Акалічнасці бойкі абодва бакі тлумачылі зусім па-рознаму.
Паны Рагозы сцвярджалі, што жахары Задобрыч і Багушэвіч вялізным натоўпам пераправіліся цераз Бярэзіну і ўчынілі
пагром у Баратычах, павыбіваўшы вокны і дзверы ў дамах і пабіўшы шмат народу. Задабрычане ж і багушэвічане
сьцвярджалі, што набег адбыўся з боку Баратыч, прычым Рагозы са сваімі людзьмі патапталі жыта, стралялі ў валашчан з
лукаў і збівалі іх, так што яны вымушаны былі бараніцца на сваёй зямлі. Яны ж казалі, што Андрэй Рагоза быў не забіты, а
патануў у рацэ. На судзе, аднак, Рагозы прадставілі сведчанне аб аглядзе цела Андрэя, на якім мелася рана ад смяротнага
ўдара рагацінай пад левае плячо, і прынеслі прысягу аб слушнасці сваёй версіі.
Паводле судовага рашэння трое багушэвічан і задабрычанін Павел Хацьцянавіч у снежні 1552 г. былі прысуджаны да
пакараньня сьмерцю, а абодва сяла мусілі выплаціць родзічам забітага 100 коп грошаў (на той момант каля 5,8 кг серабра).


                                                                                                                                                  выкарыстаны матэрыял:  
Слава Насевіч
                                                                                                                    
Тэрыторыя Чэрвеньскага раёна ў перыяд феадалізму  
                                                         Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на. – Мн., 2000. С. 30 – 32, 32 – 47, 53 – 54


Канфлікт багушэвічан з Рагозамі