У лістападзе 1561 г. адбыўся канфлікт паміж задабрычанамі і новым уладальнікам суседняга сяла Багушэвічы - шляхцічам
Войцахам Руткоўскім, які на пачатку года атрымаў гэтае сяло ў прыватную ўласнасць. Канфлікт узнік з-за спрэчных кавалкаў
зямлі паміж рэкамі Уса і Студзёнка, Матырынка і Бярэзіна. Упаўнаважаныя сяла Задобрычы Аляксей Пашковіч і Андрэй
Паўловіч «от себя и всех потужников» падалі скаргу на Руткоўскага за рабаваньне іх угоддзяў. У сакавіку 1562 г. паўторную
скаргу падалі Васіль Харэнавіч, Аляксей і Цішка Пашковічы. Аднак, паколькі Руткоўскі прызнаў сваю віну і пагадзіўся выплаціць
15 коп (900 грошаў), справа ў 1563 г. была вырашана палюбоўна.
Але неўзабаве адносіны паміж задабрычанамі і новым уласнікам Багушэвіч перараслі ў сапраўдную вайну, звесткі аб якой у
свой час выявіў і абагульніў гісторык М.Ф.Спірыдонаў. Канфлікт распачаўся ва ўласных уладаньнях Руткоўскага, які значна
ўзмацніў эксплуатацыю багушэвіцкіх сялян у параўнанні з папярэднім часам. Непадалёку ад сяла ён заснаваў свой двор і
вызначыў пад яго значны кавалак ворыва, на якім яго падданыя павінны былі адпрацоўваць паншчыну - рэч, раней нечуваная
для дзяржаўных сялян. Да таго ж Руткоўскі праявіў сябе сапраўдным самадурам - пакрыўджаныя сяляне сцвярджалі, што ён
нават дзецям абразаў косы, вусны і вушы, а кагосці загадаў павесіць. У выніку 22 багушэвіцкіх мужыка разам з сем'ямі ў
сакавіку 1564 г. «не хотячы быти послушны и службы пригонное служити, збунтовашися,» уцяклі ад свайго пана. Жыхары сяла
Задобрычы прадставілі ім не толькі прытулак, але і актыўную падтрымку ў помсце жорсткаму пану.
Руткоўскі ў чэрвені 1564 г. дамогся скліканьня копнага суда з удзелам прадстаўнікоў Барысаўскай і Свіслацкай валасцей, дзе
запатрабаваў выдаць яму збеглых мужыкоў. Але задобрыцкі заказнік (старац) Сцяпан Пашковіч катэгарычна заявіў, што ў
Задобрычах падданых Руткоўскага няма. Капа скончылася безвынікова. Не далі вынікаў і звароты да свіслацкага намесніка
пана Баркулаба Корсака, і нават апеляцыя Руткоўскага да самога вялікага князя Жыгімонта Аўгуста пад час вальнага сойму
1564 г. Вялікі князь, праўда, даручыў намесьніку разабрацца, але хутка змяніў яго, перадаўшы Свіслацкую воласць славутаму
ўцекачу з Масквы, князю Андрэю Курбскаму. Пад час перадачы спраў даручэньне, відаць, забылася. Да таго ж якраз у гэты час
ішла цяжкая вайна з Маскоўскай дзяржавай, таму уладам было не да турбот дробнага шляхціча.
Між тым у красавіку наступнага 1565 года багушэвіцкія ўцекачы двойчы арганізавалі засаду на Руктоўскага з мэтай забіць яго.
Яны заселі ў лесе на дарозе, вядучай з сяла Багушэвічы да панскага двара, з рагацінамі і нават ручніцамі (мушкетамі). Але
замах не ўдаўся: у першы раз людзі пабачылі змоўшчыкаў у лесе і папярэдзілі пана, у другі - яны ўсё ж дачакаліся яго і стрэлілі,
але не патрапілі, і Руткоўскі ўцёк на кані.
Праз некалькі дзён сяляне паспрабавалі ўначы падпаліць двор Руткоўскага, абклаўшы будынак саломай, але іх зноў
своечасова заўважылі. Не супакоіўшыся, у чэрвені яны падпалілі бор ля Багушэвіч, дзе пагарэла шмат борцяў з пчоламі. У
ліпені сяляне ўкралі са стайні Руткоўскага чатырох коней, на пачатку жніўня - употай пажалі жыта на яго полі. 15 жніўня была
арганізавана трэцяя засада, у якой апрача ўцекачоў з Багушэвіч прымалі ўзел сам задобрыцкі заказнік Аляксей Сцяпанавіч
Пашковіч (відавочна - сын таго, што бараніў уцекачоў на капе годам раней) і яшчэ трое задабрычан: Васіль Касіла, Цішка
Палубочка і Андрэй Паўловіч. Змоўшчыкі падпільнавалі пана на сенажаці ля ўпадзеньня ў раку Усу рэчкі Гануты. На гэты раз
засада мела частковы поспех - стрэлам з ручніцы Войцах Руткоўскі быў паранены ў локаць левай рукі, ад чаго застаўся «на
руку вечне охромлен».
На гэтым тэрор «мсьціўцаў» не скончыўся. 6 лістапада яны зрабілі новы набег на Багушэвічы, дзе зьбілі аднаго з панскіх
людзей і нават спрабавалі ўтапіць яго ў рацэ. Магчыма, гэты набег меў на мэце падштурхнуць да ўцёкаў тых сялян, што яшчэ
працягвалі служыць пану. Сапраўды, праз некалькі дзён яшчэ 29 мужыкоў з жонкамі і дзецьмі збеглі з Багушэвіч і далучыліся
да тых, хто ўжо меў прытулак у Задобрычах. 20 снежня быў учынены новы набег на панскі двор, дзе бунтаўшчыкі ледзь не
забілі жонку Руткоўскага (самога яго ў той момант дома не было).
У сакавіку наступнага 1566 года сяляне на чале з задобрыцкім заказнікам Аляксеем Пашковічам захапілі трох слуг
Руткоўскага і тры дні трымалі пад арыштам, адкуль іх вызваліў сьвіслацкі ўраднік. Тады ж былі пакрадзены ці знішчаны 80
раёў панскіх пчол.
Пасля чарговай скаргі Руткоўскага ў красавіку таго ж года ў воласць быў, нарэшце, накіраваны дваранін вялікага князя Рыгор
Падбярэзскі. Але новы сьвіслацкі намеснік (ім незадоўга да таго стаў пан Міхал Гарабурда) быў вельмі заняты на
дыпламатычнай службе, дзе ўдзельнічаў у перамовах з Масквой, таму разгляду справы па сутнасці не адбылося.
Восеньню 1566 г. сяляне працягвалі ўсяляк шкодзіць пану Руткоўскаму: разбурылі яго запруду на рацэ Усе, знішчылі ў бару
яшчэ 20 раёў пчол, прабілі каламі верх на скіртах, у якіх захоўвалася збожжа на зіму, ад чаго ўсе снапы (а іх было 45 тысяч)
пагнілі.
У лютым 1567 г. вялікакняжацкі даручэнец Рыгор Падбярэзскі зноў прыехаў у воласць, каб задаволіць скаргі Руткоўскага. Але
ён нічога не дамогся, сутыкнуўшыся з адкрытым сабатажам як задобрыцкіх сялян, так і ўрадніка пана Гарабурды - Сямёна
Глушаніна. Усе яны дружна адмаўлялі самы факт прысутнасці зьбегаў у Задобрычах. Справа была адкладзена да асабістага
разгляду вялікага князя, які павінен быў адбыцца летам таго ж года. Аднак незадоўга да маючага адбыцца суда, 17 ліпеня,
змоўшчыкі на чале з Аляксандрам Пашковічам зноў падпільнавалі Руткоўскага і паранілі яго ў бок дзьвюма кулямі з ручніцы.
Больш таго, праз тры дні яны зноў спрабавалі забіць яго, калі ён выехаў у Менск на лячэньне. Выратавала Руткоўскага тое,
што ён далучыўся да атрада салдат, якія ехалі ў тым жа кірунку. І нават у Менску за ім некалькі тыдняў сачылі валашчане, якія
не пакідалі надзеі канчаткова «разлічыцца» з ім.
У лютым 1568 г., калі Руткоўскі крыху аправіўся ад ран, разгляд справы ўзнавіўся, але цягнуўся вельмі марудна -
абвінавачаныя і сведкі не з'яўляліся на суд. Руткоўскі са сваімі людзмі паспрабаваў сам схапіць заказніка Пашковіча, але не
застаў яго - ён быў у ад'ездзе. Намеснік Гарабурда больш рабіў выгляд, чым на справе дапамагаў следству. Так, ён заявіў, што
сваёй спробай захапіць Пашковіча Руткоўскі перавысіў свае паўнамоцтвы і такім чынам вызваліў задобрыцкага заказніка ад
абавязку з'явіцца на суд. І ўвогуле Гарабурда не раз даваў зразумець, што вельмі занаяты дзяржаўнымі справамі і не мае часу
на разбор гэтага канфлікту.
Яго паводзіны тлумачыць той факт, што якраз у гэты самы час пан Гарабурда прасіў вялікага князя, каб той пажалаваў яму
Свіслацкую воласць у вечнае валоданьне. Гэтая просьба была задаволена, і 1 чэрвеня 1568 г. замак і мястэчка Свіслач з
дванацацьцю сёламі паводле вялікакняжацкага прывілея перайшлі ў поўную ўласнасць былога намесніка. Такім чынам,
Гарабурда быў непасрэдна зацікаўлены, каб багушэвіцкія зьбегі не былі знойдзены, а папоўнілі б лік яго новых падданых.
Але справа ўсё ж патроху рухалася. У верасні 1568 г. вялікакняжацкі камісар Рыгор Рагоза зноў прыехаў ў Задобрычы, каб
знайсці абвінавачаных і даставіць у суд. Праўда, заказнік Пашковіч і яшчэ трое найбольш заўзятых задобрыцкіх злодзеяў -
Палубочка, Касіла і Паўловіч - зноў разам з багушэвіцкімі збегамі пахаваліся ў лясах ці навакольных сёлах. Астатнія сяляне
катэгарычна адмовіліся з'яўляцца на суд і адказваць за тых, хто адсутнічае. Камісар мусіў ад'ехаць ні з чым.
Толькі ў маі 1569 г. вялікі князь Жыгімонт вынес, не гледзячы на адсутнасць галоўных абвінавачаных, канчатковы прысуд:
Аляксандр Пашковіч, Васіль Касіла і адзін з багушэвіцкіх завадатараў М.Саньковіч былі прыгавораны да смяротнага
пакарання, астатнія зьбегі і іх задобрыцкія памагатыя Ціхан Палубочка і Андрэй Паўловіч - да турэмнага зняволеньня, а іх
маёмасць канфіскавалася ў кошт кампенсацыі, якую паводле статуту Руткоўскі павінен быў атрымаць за ўчыненыя яму
цялесныя пашкоджаньні: 50 коп грошаў за рану ў локці, што зрабіла яго інвалідам, і 20 коп за дзве іншыя раны. Іншыя
матэрыяльныя страты Руткоўскага павінны былі кампенсаваць усе жыхары сяла Задобрычы, якія адмовіліся выдаць
злачынцаў. Апрача таго, яны мусілі выплаціць у дзяржаўны скарб штраф, роўны суме страт. У выпадку, калі б грошаў і
маёмасці сялян не хапіла на ўсе выплаты, рэшту яны павінны былі адпроцаўваць з разліку 50 грошаў з чалавека за год працы.
Паводле прысуду Войцеху Руткоўскаму прадастаўлялася права шукаць і караць тых злачынцаў, якія скрыліся ад правасуддзя,
а ўсім службовым асобам дзяржавы прадпісвалася спрыяць поўнаму і дакладнаму выкананню прысуду.
Такім было афіцыйнае заканчэньне справы. Як яна скончылася фактычна, ці ўдалася Руткоўскаму адшукаць і пакараць сваіх
галоўных ворагаў - звестак не захавалася. Але, паколькі ў далейшым Руткоўскі не падаваў скаргі на ўласніка Задобрыч
Гарабурду і яго нашчадкаў, можна меркаваць, што хаця б грашовую кампенсацыю за свае страты ён атрымаў.


                                                                                                                                                  выкарыстаны матэрыял:  
Слава Насевіч
                                                                                                                   
Тэрыторыя Чэрвеньскага раёна ў перыяд феадалізму  
                                                        Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на. – Мн., 2000. С. 30 – 32, 32 – 47, 53 – 54


Канфлікт з Руткоўскім