З той жа Барысаўскай воласці, напэўна, вылучыўся даволі вялікі зямельны абшар, які прымыкаў да земляў сяла Раванічы з
усходу і з поўначы. Ён толькі часткова захопліваў сучасную Чэрвеншчыну і цягнуўся далей да самай ракі Бярэзіны, у Бярэзінскі і
Барысаўскі раёны, уключаючы сёлы Лагі, Жарэмец (Зярэмцы), Белічаны і Чарневічы.
На самым пачатку ХVI стагоддзя гэты абшар належаў князю
Дзмітрыю Пуцяцічу з роду князёў Друцкіх, які быў у той час
кіеўскім ваяводам. Ён памёр без завяшчання ў 1506 г., і апякуном яго маёмасці быў прызначаны
князь Міхаіл Глінскі. Апошні з
дазволу вялікага князя Аляксандра ахвяраваў частку ўладаньняў нябожчыка на памін яго душы, у тым ліку запісаўшы палову
данікаў ў Зярэмцах з мядовай данінай на карысць праваслаўнай царквы Багародзіцы ў Вільні. Напэўна, менавіта з гэтай
падзеяй зьвязана назва ўрочышча
Божы Дар на ўсходзе Чэрвеншчыны, дзе пазьней узнікла аднайменнае паселішча (у гады
савецкай улады перайменавана ў Чырвоны Дар).
У 1624 г. гэтыя сёлы належалі сумесна
Яну, Васілю і Альбіну Падбярэзскім, удаве Мікалая Рэя Ядвізе Варапаевай і пану
Аляксандру Даджбогу Сапегу, які атрымаў іх у спадчыну пасля дзеда па маці - віцебскага кашталяна М.Стравінскага
.
Карыстаючыся бязладдзем у праваслаўнай царкве, які настаў пасля Берасцейскай царкоўнай уніі , суўладальнікі прыхапілі і
тую частку азначаных сёл, якая разам з урочышчам Божы Дар была некалі завешчана на памін душы князя Пуцяціча. У 1624 г.
новы уніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі, да якога перайшлі былыя ўладаньні праваслаўнай царквы, агледзіў прапажу і распачаў
судовы працэс за вяртаньне яму часткі Белічан і Жарэмцаў. Справа цягнулася доўга, і толькі ў 1627 мітрапаліт атрымаў судовае
рашэньне на сваю карысць. Але і пасля таго суўладальнікі працягвалі аспрэчваць гэты прысуд. Так, Ян і Альбін Падбярэзскія ў
1628 г. прадставілі дакумент, паводле якога яшчэ ў 1539 г. мітрапаліт Макарый нібыта прамяняў сваіх падданых у Жарэмцах іх
продку - князю Сямёну Ямантовічу-Падбярэзскаму. Суд, аднак, адхіліў гэты дакумент як падложны.
Толькі ў 1636 г. судовае рашэньне дзевяцігадовай даўніны было, нарэшце, выканана і ўніяцкі мітрапаліт быў уведзены ва
ўладаньне часткай Жарэмцаў і Белічан. Паводле дакумента ад 1651 г. сярод мітрапаліцкіх уладаньняў прыгадваюцца 6 дымоў у
сяле Белічаны, 7 дымоў у Жарэмцах, а таксама 14 дымоў у Чарневічах.



                                                                                                                                                                                                                                                   
                                                                                                                                                      выкарыстаны матэрыял:  
Слава Насевіч
                                                                                                                        
Тэрыторыя Чэрвеньскага раёна ў перыяд феадалізму  
                                                            Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на. – Мн., 2000. С. 30 – 32, 32 – 47, 53 – 54


Божы Дар (суч. Красны Дар)